«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,

рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.​М.​Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.​С.​Пушкін і А.​С.​Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л. бел.) народаў, друкаваліся працы З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, К.​Ф.​Калайдовіча, М.​П.​Пагодзіна, І.​М.​Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).

С.​А.​Кузняева.

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)